Мінскіх даішнікаў асудзілі за крадзяжы і перавышэнне паўнамоцтваў

Суд Фрунзенскага раёна Мінску 12 ліпеня абвясціў прысуд у справе трох супрацоўнікаў ДАІ. Як інфармуе БЕЛТА, інспектары дарожна-патрульнай службы - капітан, старшы лейтэнант і старшы прапаршчык - прызнаныя вінаватымі па артыкулах "Крадзеж шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі", "Бяздзейнасць службовай асобы" і "Перавышэнне ўлады або службовых паўнамоцтваў".

Работнікі пракуратуры кажуць, што гэтыя даішнікі прымалі грашовыя сродкі ад кіроўцаў, аўтамабілі якіх былі эвакуяваныя на адмысловую ахоўную стаянку. Грошы павінны былі паступаць на адмысловы рахунак у банку. Аднак інспектары прысвойвалі іх. Суд прызначыў ім пазбаўленне волі ад 2,5 да 3 гадоў з адтэрміноўкай пакарання.