Мінскія раварысты склалі інструкцыю па ветлівасці на ходніках (фота)
10 правілаў разам з жартоўнымі фотаздымкамі нагадваюць самім раварыстам пра тое, як ужыцца з мінакамі і кіроўцамі і нікога не пакрыўдзіць.
“Раварысты могуць “не адчуваць” некаторых нюансаў. І часам тое, што відавочна веласіпедыстам дасведчаным, зусім невідавочна для тых, хто пачаў круціць педалі нядаўна.Таму мы і вырашылі правесці гэту акцыю, — каментуе для Еўрарадыё адзін з ініцыятараў праекта, сябра “Мінскага роварнага таварыства” Павел Гарбуноў. — Вядома, мы не збіраемся вучыць, як трэба ездзіць. Дарослых вучыць звычайна позна. І калі нехта ездзіць у спакойным, акуратным стылі, гэта не азначае, што ўсё павінны ездзіць так жа, я і сам аматар паганяць. Але ўсяму сваё месца. Мы спадзяемся, што нашая акцыя прымусіць задумацца (прычым, не толькі раварыстаў) пра тое, наколькі зручныя для іншых бываюць іх дзеянні”.
У працы над "інструкцыяй" у якасці мадэлі паўдзельнічаў журналіст Еўрарадыё Павел Свярдлоў.
Прэзентацыя "10 правілаў ветлівай язды" (глядзіце здымкі ніжэй) адбылася ўвечары 16 верасня ў "Гаражы 38" на Залатой горцы. Гэтым мерапрыемствам таварыства "Зялёнае сеціва" адкрыла ў Мінску Еўрапейскі тыдзень мабільнасці. 17 верасня ён працягнецца публічнымі дэбатамі на тэму "Адмова ад асабістага аўтамабіля ў горадзе: за і супраць" у антыкавярні "Дом Фішара". А скончыцца Еўрапейскі тыдзень мабільнасці 22 верасня сусветным Днём без аўтамабіля.








