"Мінскводаканал" хоча павысіць насельніцтву плату за ваду да сабекошту

УП "Мінскводаканал" лічыць неабходным павялічыць для насельніцтва плату за вадаправодную ваду да яе сабекошту. Пра гэта заявіла намесніца галоўнага інжынера прадпрыемства Наталля Халадзінская на паседжанні круглага стала ў Мінску. Па словах спецыяліста, сёння сталічны жыхар плаціць за паслугі вадаправоду і каналізацыі прыкладна 35% іх кошту. Адзін кубаметр вады абыходзіцца ў 385 рублёў, а яго сабекошт дасягае 1,5 тысячы. Пры гэтым максімальнае спажыванне вады сям'ёй складае 5 кубаметраў вады ў месяц. Як адзначыла Халадзінская, нават калі падвысіць кошт кубаметру вады да сабекошту, усё роўна яна будзе даступная. Халодная пітная вада за месяц абыйдзецца танней за бутэльку гарэлкі, заявіла яна.

Халадзінская адзначыла, што ў рамках развіцця галіны водазабеспячэння і каналізацыі прадугледжваецца паступова павысіць тарыфы на ваду да сабекошту.

Як перадае БелаПАН, галоўны інжынер упраўлення камунальнай гаспадаркі і энергетыкі Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі Таццяна Мялешка таксама лічыць, што ў Беларусі неабходна перайсці да 100-адсоткавай аплаты паслуг вадаправоду і каналізацыі. Аднак гэтае пытанне павінна быць узгодненае з кіраўніком дзяржавы.