Мірны і Азаранка перамаглі найлепшую пару на чэмпіянаце ЗША па тэнісе

На адкрытым чэмпіянаце ЗША па тэнісе Максім Мірны і Вікторыя Азаранка выйшлі ў другі круг змешанага разраду.

У ноч на 31 жніўня беларускія спартсмены выйгралі ў "пасеяных" пад першым нумарам серба Ненада Зімонджыча і амерыканкі Лайзы Рэйманд — 6:7 (6:8), 6:3, 10:3 (тай-брэйк).

Наступнымі сапернікамі беларусаў будуць амерыканцы Ваня Кінг і Вінсент Спадзя. Сёння Мірны і Таццяна Пучак возьмуць удзел у матчах другога круга мужчынскага і жаночага парнага разрадаў.

Напярэдадні Мірны прайграў французу Себасцьяну Гражану ў другім крузе мужчынскага адзіночнага разраду. У трэці круг адзіночнага разраду з беларусаў трапіла толькі 18-гадовая Вікторыя Азаранка.

Учора спартсменка выйграла ў Дамінікі Цыбульковай са Славакіі з лікам 6:2, 6:2. Наступнай саперніцай Азаранкі стане "пасеяная" пад 16-м нумарам 26-гадовая швейцарка Марціна Хінгіс, якая за сваю кар'еру выйграла 43 турніры ў адзіночным і 37 турніраў у парным разрадзе.

БелаПАН