"Міжнародная амністыя" заступілася за амерыканскага юрыста Э.Зэльцэра

Праваабарончая арганізацыя "Міжнародная амністыя" заклікала сваіх прыхільнікаў звяртацца да беларускіх уладаў і патрабаваць неадкладна забяспечыць амерыканскага юрыста Эмануіла Зэльцэра неабходнымі лекамі. Таксама правабаронцы патрабуюць правесці незалежнае расследаванне фактаў фізічнага гвалту над ім, каб пакараць вінаватых. Нагадаем, што Э.Зэльцэр быў затрыманы ў Мінску 12 сакавіка. 21 сакавіка яму выставілі абвінавачванне ў выкарыстанні падробленых дакументаў. Зэльцэра трымаюць у следчым ізалятары КДБ.

Консул ЗША Кэралайн Сэвідж двойчы змагла наведаць Зэльцэра — 27 сакавіка і 25 красавіка. Пасля другога візіту яна распавяла пра пагаршэнне яго стану здароўя: амерыканскі грамадзянін моцна схуднеў, з цяжкасцю перасоўваецца і размаўляе.

"Міжнародная амністыя" заклікае пісаць прэзідэнту Беларусі Аляксандру Лукашэнку, генеральнаму пракурору Рыгору Васілевічу і міністру ўнутраных спраў Уладзіміру Навумаву.

БелаПАН