Міжнародная назіральная місія патрабуе аднаўлення законнасці

Міжнародная назіральная місія Камітэта міжнароднага кантролю за сітуацыяй з правамі чалавека ў Беларусі настойвае на аднаўленні законнасці ў дачыненні да журналістаў, праваабаронцаў, а таксама ўсіх падазроных у сувязі з падзеямі 19 снежня ў Мінску. Адпаведная заява прынята місіяй 14 студзеня, паведамляе БелаПАН.
Назіральная місія заклікае ўлады Беларусі выконваць узятыя на сябе міжнародныя абавязацельствы ў сферы правоў чалавека і настойвае на спыненні праследавання праваабаронцаў, націску на палітычных апанентаў і членаў іх сем'яў, на паважанні чалавечай годнасці ў дачыненні да ўсіх падазроных і абвінавачаных, а таксама іх доступе да кваліфікаванай юрыдычнай дапамогі.

У заяве гаворыцца, што ўлады Беларусі закліканы рэагаваць "на паведамленні ў сродках масавай інфармацыі і афіцыйныя звароты ў дзяржаўныя і міждзяржаўныя структуры аб парушэнні правоў чалавека расследаваннем дзеянняў дзяржаўных органаў і службовых асоб, а не санкцыямі на адрас аўтараў зваротаў".

Гэтую, трэцюю па ліку, заяву місіі падпісалі прадстаўнік у Беларусі Аляксандра Дзелемянчук і кіраўнік Андрэй Юраў.