Кандыдаты ад АГП, якія зняліся з выбараў, недапрацавалі
Анатоль Лябедзька
Cтаршыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі (АГП). Нарадзіўся 27 чэрвеня 1961 года ў вёсцы Трылес Стаўбцоўскага раёна Мінскай вобласці. Працаваў трактарыстам у калгасе. У 1985 годзе скончыў факультэт гісторыі і французскай мовы Мінскага педінстытута, у 1993 — юрыдычны факультэт БДУ. Дэпутат Вярхоўнага Савета 12-га і 13-га склікання. Падчас выбарчай кампаніі 1994 года падтрымаў Аляксандра Лукашэнку. Збіраўся атрымаць пост міністра замежных спраў, але праз канфлікт пакінуў прэзідэнцкую каманду. Уступіў у АГП, быў абраны намеснікам старшыні гэтай партыі. 15 красавіка 2000 года абраны старшынёй АГП.
Як апазіцыя аблягчае задачу ўладам, чаго ўдалося дасягнуць падчас кампаніі, чаму здымаюцца кандыдаты, расказвае Анатоль Лябедзька.
Перад стартам датэрміновага галасавання, 5 верасня, адразу два кандыдаты ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі зняліся з выбараў. Чаму іх прадстаўнікі сыходзяць з дыстанцыі, чаму на асобных акругах дэмакраты так і не здолелі дамовіцца і не выставілі агульнага кандыдата, чаму “прызначаныя” дэпутаты — праблема агульнанацыянальнага маштабу? Каб адказаць на гэтыя і іншыя пытанні у студыю Еўрарадыё запрошаны старшыня АГП Анатоль Лябедзька.
Цалкам размову з Анатолем Лябедзькам можна паслухаць тут:
Лепшыя цытаты з размовы:
Тры кандыдаты ад АГП ужо зняліся з выбараў. Я лічу, што яны недапрацавалі на гэтай кампаніі ― з пункту гледжання эфектыўнасці. Бо калі моцны кандыдат здымаецца з выбараў, ён аблягчае задачу для ўладаў.
Мы ўжо выканалі два пункты са спісу задач на гэтую кампанію: сабралі доказы несумленнасці выбараў падчас фармавання выбарчых камісій і наяўнасці палітычнай цэнзуры ― праблемы данясення нашай праграмы да выбарцаў. Дзесяць нашых кандыдатаў прайшлі праз палітычную цэнзуру. Застаўся яшчэ адзін важны пункт ― працэдура падліку галасоў.
Шэраг кандыдатаў ад дэмакратычных арганізацый вялі кампанію фармальна: не скарысталі час выступу на радыё і тэлебачанні, не бралі ўдзелу ў дэбатах, не правялі ніводнага пікета ― ім трэба было даўно зняцца. Лепш не ўдзельнічаць, чым так дапамагаць уладам.
Мы не ходзім па калідорах, створаных Лукашэнкам, Ярмошынай, Вакульчыкам ― у нас свой сцэнарый, і мы працуем у адпаведнасці з ім. І не звяртаем увагі на шмат якія фармальнасці, якія ўлада называе парушэннем. Калі кіравацца гэтымі інструкцыямі, то не будзе ніякай камунікацыі з людзьмі.
Дзейсным дэпутатам трэба не наноў у парламент, а ў манастыр і маліцца з ранку да вечара ― прасіць прабачэння ў грамадзян Беларусі.
Сёння непапулярна пазіцыянаваць сябе як “кандыдата ад улады”. І гэта бадай што першая такая кампанія.
Шмат хто з кандыдатаў ад улады адмаўляецца браць удзел у дэбатах, адмовіліся нават ад сваіх пяціхвілінных выступаў: яны ўжо п’юць шампанскае ― яны ўжо прызначаныя дэпутаты.
Прызначаныя дэпутаты ― праблема нацыянальнага маштабу. І такія дэпутаты гавораць ад імя людзей. І, націскаючы на кнопку для галасавання, яны вызначаюць правілы і законы, па якіх жывуць мільёны.
Мы дамовіліся ў правацэнтрысцкай кааліцыі і з часткай “левых”: адзін кандыдат, агульнае пасланне, супрацоўніцтва. Але не ва ўсіх акругах такое супрацоўніцтва і такая каардынацыя ёсць.
Людзей трэба прывучыць да таго, што ўлада мусіць рэгулярна мяняцца ― укласці людзям гэта ў вушы. А не абяцаць ім адрамантаваць нейкую веладарожку.
Ва ўлады ёсць шанец, каб пашырыць прастору міжнароднай легітымнасці. Але не трэба забывацца пра пагрозу легітымнасці ўнутры краіны: вялікая колькасць людзей не прызнае гэтую кампанію як сумленную і празрыстую.
Калі ўсе рэкамендацыі БДІПЧ АБСЕ па зменах выбарчага заканадаўства будуць выкананыя, тады пачнецца сапраўдная палітыка і палітычнае жыццё ў Беларусі.
Разлічваць на нейкія фінансы ў бліжэйшай перспектыве проста не даводзіцца. А вось калі прыйдуць новыя людзі і ў іх будуць ззяць вочы, тады ёсць нейкая надзея на перамены ў Беларусі.
Фота Алеся Пілецкага