Moody's устанавіла "негатыўны" прагноз развіцця банкаўскай сістэмы Беларусі

Міжнароднае рэйтынгавае агенцтва Moody's устанавіла "негатыўны" прагноз развіцця банкаўскай сістэмы Беларусі.
"Мы бачым сур'ёзныя рызыкі ў макраэканамічнай сферы. Беларусі давядзецца вырашыць шэраг сур'ёзных праблемаў, звязаных з пакрыццём дэфіцыту бюджэту", — цытуе словы малодшага віцэ-прэзідэнта, аналітыка Moody's Максіма Багдашкіна Газета.ru.

У справаздачы агенцтва адзначаецца, што беларускія банкі выдаюць крэдыты нават тады, калі гэтага рабіць катэгарычна нельга. Паводле звестак Moody's, "узровень праблемных актываў у беларускіх банках вышэйшы за тыя дадзеныя, якія адлюстраваныя ў іх афіцыйных справаздачах". Агенцтва заяўляе, што іх 10-15%.

Газета.ru адзначае, што агенцтва Moody's з'яўляецца адным з асноўных ацэншчыкаў банкаўскай сістэмы Беларусі. Яго эксперты аналізуюць сітуацыю ў шасці буйных фінансава-крэдытных установах краіны, якім у сукупнасці належыць больш за 70% банкаўскага рынку краіны.