МУС Беларусі не атрымлівала заяваў з нагоды кібератакі віруса WannaCry

МУС Беларусі не атрымлівала заяваў з нагоды кібератакі віруса WannaCry

У беларускую міліцыю не паступалі заявы з нагоды глабальнай кібератакі. Пра гэта агенцтву БЕЛТА распавёў афіцыйны прадстаўнік МУС Канстанцін Шалькевіч.

"На цяперашні момант ні юрыдычныя, ні фізічныя асобы з заявамі аб нанесенай шкодзе або фактах прычынення шкоды за кошт кібератакі ці вірусаў не звярталіся", — паінфармаваў ён.

Раней паведамлялася, што дзясяткі (а то і сотні) тысяч камп'ютараў па ўсім свеце сталі ахвярамі хакерскай атакі з выкарыстаннем віруса WannaCry. Паводле СМІ, вірус быў створаны на аснове зыходнага кода адной з праграм Агенцтва нацыянальнай бяспекі ЗША. Зламыснікі выкралі яго і скарысталі для стварэння вірусу. WannaCry блакуе камп'ютар і патрабуе выкуп у біткойнах.

Найбольшая колькасць пацярпелых камп'ютараў — у Расіі: там вірус зачапіў кам'ютары аператаў мабільнай сувязі і МУС. Акрамя таго, пацярпелі такія кампаніі, як французская Renault, партугальская Telecom, іспанская GasNatural, амерыканская FedEx, кітайскія ды італьянскія ўніверсітэты, а таксама прыватныя кампаніі Швецыі.

Дзеянне віруса часткова ўдалося прыпыніць. Спецыяліст па камп'ютарнай бяспецы Дэрыен Хас знайшоў у кодзе віруса незарэгістраванае даменнае імя iuqerfsodp9ifjaposdfjhgosurijfaewrwergwea.com, на якое прыходзілі запыты ад шкоднай праграмы. Ён выкупіў дамен за 11 долараў, і пасля гэтага распаўсюд віруса спыніўся. Невядомыя спрабавалі ўзламаць выкуплены дамен. 

Пакуль не вядома, як дакладна вірус пранікае ў кампутар, але вядома, што яго ахвярамі становяцца толькі камп'ютары з аперацыйнай сістэмай Windows. У бліжэйшыя дні ён можа распаўсюдзіцца на 1 млн камп'ютараў.