МУС Малдовы апублікавала спіс усіх затрыманых пасля беспарадкаў у Кішынёве

Міністэрства ўнутраных справаў Малдовы апублікавала спіс усіх затрыманых па падазрэнні ва ўдзеле ў масавых беспарадках. Публікацыі гэтага спісу запатрабавалі арганізатары акцыі пратэсту — тры апазіцыйныя партыі Малдовы. У суботу ўвечары спісы былі апублікаваныя на сайце МУС Малдовы — www.mai.gov.md.

Як паведамілі чыноўнікі МУС "Інтэрфаксу", ніхто не рабіў сакрэту са спісу затрыманых, але першапачаткова ён моцна змяняўся. Па словах супрацоўнікаў унутраных органаў, было даволі шмат людзей, якіх адпусцілі пасля таго, як пераканаліся, што яны недатычныя да беспарадкаў.

На цяперашні момант 129 чалавек падазраюцца ў здзяйсненні шэрагу правапарушэнняў. Яны знаходзяцца пад адміністрацыйным арыштам на тэрмін ад пяці да 15 сутак, некаторыя аштрафаваныя.

Яшчэ 166 чалавек затрыманыя на падставе крымінальных спраў. Іх вінавацяць у вандалізме і пагроме будынкаў парламента і адміністрацыі прэзідэнта, а таксама марадзёрстве, рабаваннях і іншых падобных правапарушэннях.

Акрамя таго, на яшчэ 14 затрыманых пачалі крымінальныя справы па абвінавачванні ў арганізацыі масавых беспарадкаў.