МУС не звольніць міліцыянтаў, "збітых" Брэўсам і Гапонавым

Паводле актывіста, супрацоўнікі атраду спецыяльнага прызначэння непрыдатныя да выканання ўскладзеных на іх функцыяў. Адмысловы зварот Салаўёў накіраваў міністру ўнутраных спраў Беларусі Анатолю Куляшову 3 сакавіка.

У адказе з палка міліцыі спецыяльнага прызначэння, куды пераадрасавалі зварот фронтаўца, гаворыцца, што прычын для звальнення міліцыянтаў няма. Атэстацыя супрацоўнікаў унутраных спраў праводзіцца планава і прычынаў для правядзення дадатковай атэстацыі таксама няма.

"Я так разумею адказ на мой зварот, што альбо міліцыянты хлусілі ў судзе пад прысягай, што іх збівалі гэтыя хлопцы, альбо гэта норма для нашай міліцыі, што іх збіваюць звычайныя маладзёны. У першым выпадку трэба прыцягваць спецназаўцаў да адказнасці за хлуслівыя сведчанні, а ў другім выпадку трэба цалкам расфармаваць міліцыю на чале з міністрам унутраных спраў, бо такая міліцыя ні нашто не здольная", - пракаментаваў адказ Зміцер Салаўёў, паведамляе Радыё Свабода.

Нагадаем, 10 сакавіка суд Маскоўскага раёну Мінска пакараў грамадзянаў Расіі Івана Гапонава і Арцёма Брэўса штрафамі па 10,5 мільёнаў рублёў кожнага. Супраць іх сведчылі 15 амапаўцаў.