МУС: У акцыі з нагоды Дня Волі ў Мінску прынялі ўдзел каля 700 чалавек

Па ацэнках міліцыі, у акцыі з нагоды Дня Волі ў Мінску 25 сакавіка прынялі ўдзел каля 700 чалавек. Па словах начальніка ўпраўлення інфармацыі і грамадскіх сувязяў МУС Алега Слепчанкі, гэта ўдакладненыя звесткі. Папярэдняя лічба складала каля тысячы чалавек. А.Слепчанка адзначыў, што падчас акцыі былі зафіксаваныя парушэнні заканадаўства. Такім парушэннем ён назваў паход часткі дэманстрантаў ў бок вуліцы Петруся Броўкі. Міліцыянт адзначыў, што гэтыя мітынгоўцы правакавалі міліцыю на сутычкі, выходзілі на праезную частку. Таксама парушэннем заканадаўства А.Слепчанка назваў тое, што ўдзельнікі акцыі спальвалі партрэты кіраўніка дзяржавы. Прававую ацэнку падзеям, падсумаваў міліцыянт, дасць пракуратура.

Нагадаем: пра тое, што на акцыю ў Мінску збярэцца 700 чалавек, раней заявіў міністр унутраных справаў Уладзімір Навумаў.

БелаПАН