Мужчына страляў па суседзях, а пасля пагражаў забіць спецназаўцаў

64-гадовы мужчына ў стане алкагольнага ап'янення пасварыўся з суседзямі, узяў паляўнічую стрэльбу і пачаў страляць па людзях, па хаце і аўтамабілях, за якія яны схаваліся. Пад абстрэл патрапіла і дзіця, якое, на шчасце, не пацярпела. Шматлікія раненні атрымалі 54-гадовы мужчына і 55-гадовая жанчына.



Пасля гэтага зламыснік зачыніўся ў сваёй хаце і стаў пагражаць міліцыянтам, якія прыехалі на месца, забойствам ды пагражаць, што заб'е сябе. Затрыманне праводзілі байцы спецыяльнага атрада хуткага рэагавання ўнутраных войскаў. Падчас штурма хаты мужчына паспеў адзін раз стрэліць у акно, інфармуе прэс-служба міліцыі Мінскай вобласці.



Затрыманы знаходзіцца ў ізалятары часовага ўтрымання ў Смалявічах. Распачатая крымінальная справа. Вядома, што раней мужчына неаднаразова трапляў за краты за разнастайныя злачынствы.