Мытнікі забралі зборнік філасофскіх артыкулаў Таццяны Шчытцовай

На беларуска-літоўскай мяжы ў вядомага выдаўца Ігара Логвінава забралі 20 асобнікаў зборніка філасофскіх артыкулаў і дакладаў "Антрапалогія. Этыка. Палітыка" аўтарства выкладчыцы Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта Таццяны Шчытцовай. Кніга была выдадзеная ЕГУ і яе везлі на прэзентацыю, якая прайшла 9 красавіка ў Мінску.

Паводле слоў Логвінава, падставай для вымання кніг стала падазрэнне, што яны могуць нанесці шкоду Рэспубліцы Беларусь. Мытнікаў зацікавіў другі раздзел — „Філасофія і палітыка“. У ім абмяркоўваюцца канкрэтныя палітычныя падзеі, між іншым, прэзідэнцкія выбары 2006 і 2010 гадоў.

Цяпер будзе створана адмысловая камісія, якая вынесе канчатковае рашэнне. Калі падазрэнні спраўдзяцца, кнігі спаляць, інфармуе Радыё Свабода.

Фота: tut.by, svaboda.org