МЗС Беларусі: Адмена санкцый адпавядае інтарэсам амерыканскага бізнэсу

Станоўча ацаніў часовую адмену санкцый ЗША ў дачыненні беларускіх прыдпрыемстваў "Лакафарба" і "Полацк-Шкловалакно" афіцыйны прадстаўнік МЗС Беларусі Андрэй Папоў. Паводле яго словаў, гэты крок адпавядае інтарэсам амерыканскай бізнэс-супольнасці.
"Беларусь заўсёды падкрэслівала, што санкцыі абсалютна непрымальныя ў цывілізаваных міждзяржаўных дачыненнях. З гэтай кропкі гледжання згаданае рашэнне амерыканскага боку з'яўляецца рухам у правільным кірунку", - адзначыў Папоў. 

Нагадаем, Міністэрства фінансаў ЗША зняло на шэсць месяцаў санкцыі супраць двух беларускіх прадпрыемстваў. Гэта стала магчыма пасля таго, як афіцыйны Мінск пайшоў на вызваленне палітвязняў. Чакаецца, што амерыканскія ўлады могуць абвесціць аб новых саступках у эканамічнай сферы.