МЗС Кыргызстану кажа, што беларускім дыпламатам у краіне нічога не пагражае

У Кыргызстане няма пагрозы бяспекі супрацоўнікам дыпламатычных місій замежных дзяржаваў. З такой заявай, па звестках АКИpress, 29 траўня выступіла Міністэрства замежных справаў краіны. Нагодай стала нядаўняя заявы МЗС Беларусі. Нагадаем, у заяве гаварылася, што беларускія дыпламаты вернуцца ў Кыргызстан толькі тады, калі ім будзе гарантаваная бяспека.

У заяве кыргызстанскага замежнапалітычнага ведамства гаворыцца, што кампетэнтныя органы краіны з красавіка ўзялі пад узмоцнены кантроль і ахову раёны размяшчэння замежных дыпламатычных місій, у тым ліку беларускай амбасады.

Праваахоўнікі Кыргызтана неаднаразова ладзілі сустрэчы з кіраўніцтвам беларускай амбасады. Падчас іх прадметна абмяркоўваліся пытанні бяспекі персаналу пасольства, перадаваліся прамыя нумары сродкаў сувязі ўпаўнаважаных прадстаўнікоў кампетэнтных органаў Кыргызтана для ажыццяўлення экстранай сувязі.