МЗС не збянтэжанае безвыніковымі перамовамі ў межах Мытнага саюза

На мінулым тыдні ў закрытым для прэсы рэжыме ў Маскве прайшло пасяджэнне камісіі Мытнага саюза Беларусі, Расіі і Казахстана. Але вядома, што віцэ-прэм’еры трох краін абмяркоўвалі размяркаванне атрыманых мытаў паміж бюджэтамі трох краінаў. Дамовіцца так і не здолелі. Але супрацоўнік прэс-службы Міністэрства замежных спраў Андрэй Папоў раіць не лічыць такі негатыўны вынік адзіным. Андрэй Папоў: “Мы ж дамовіліся, што да 1 ліпеня папрацуем ва, умоўна кажучы, тэставым рэжыме Мытнага саюза. Дзе пастараемся паглядзець на практыцы, як запрацуюць усе механізмы. Зразумела, што гэта працэс дастаткова складаны і працяглы па часе. Нам трэба на ўзроўні ведамстваў трох краінаў адладзіць усе гэтыя рэчы”.

Як вядома, беларуская дэлегацыя прыехала са сваёй прапановай па размеркаванні мытаў паміж бюджэтамі Беларусі, Расіі і Кахастана. Па звестках, у бюджэт нашай краіны прапаноўвалася пералічваць 6% ад усіх сабраных мытных плацяжоў. Па словах Андрэя Папова, гэтая лічба не толькі адлюстроўвае нацыянальныя інтарэсы нашай краіны, але і абгрунтаваная сур’ёзнымі падлікамі.

Прадстаўнікі Расіі і Казахстана паабяцалі падумаць над гэтым. Але які будзе вынік гэтых развагаў — Андрэй Папоў прагназаваць на стаў.