На аўкцыёне прадаецца дакумент з найстарэйшага касцёлу Беларусі

На інтэрнэт-аўкцыён ay.by выставілі ўнікальны дакумент — Рэгістрацыйную кнігу ішкальдскага прыходу ад 1759 года. Апошні запіс у кнізе датуецца 1807 годам. Кніга ў добрым стане, цяпер яе цана складае 3 мільёны беларускіх рублёў. Месцазнаходжанне лота — Баранавічы, атрымаць яго можна толькі па пошце і толькі пасля перадаплаты. Прадавец кнігі пад нікам raritet мае высокі рэйтынг надзейнасці на інтэрнэт-аўкцыёне ay.by: 945 пазітыўных водгукаў, супраць 6 негатыўных. Ён сцвярджае, што набыў яе ў невядомай асобы. Ён настойліва не рэкамендуе ўступаць у рэлігійныя дыспуты наконт лота. Тым не менш, адзін з удзельнікаў абмеркавання параіў гаспадару кнігі прапанаваць набыць кнігу беларускім каталікам, паведамляе Наша Ніва.

Касцёл Святой Тройцы ў Ішкальдзі, што ў Баранавіцкім раёне, закладзены ў 1472 годзе. Гэта найстарэйшы касцёл у Беларусі, помнік каменнага дойлідства, выкананы ў гатычным стылі.