На баль прэзідэнтаў Шушкевіч едзе ў чорным касцюме, Мілінкевіч — у смокінгу

На баль прэзідэнтаў у Варшаве, які адбудзецца 11 лістапада, запрошаныя Аляксандр Мілінкевіч і Станіслаў Шушкевіч. Імпрэза прысвячаецца 90-й гадавіне польскай незалежнасці.  Госці, запрошаныя на прэзідэнцкі баль, павінны з'явіцца ў смокінгах. Як паведаміў інтэрнэт-партал "Мы", Аляксандр Мілінкевіч для імпрэзы ўзяў смокінг напракат.

У каментары Еўрарадыё палітык паведаміў, што смокінг для яго падбірала жонка — Іна Кулей. Таму ён нават не ведае, колькі гэта будзе каштаваць.

Мілінкевіч: Такіх прыёмаў афіцыйных, дзе патрэбная такая форма, яшчэ не было. Хаця сустрэчы былі самага высокага ўзроўню, але баль ёсьць баль. Афіцыйныя сустрэчы на ўзроўні прэзідэнтаў гэтага не вымагаюць... Смокінг гэты я, магчыма, пакіну сабе: ён абсалютна новы. Калі спадабаецца (апрану, пагляджу), можа, і пакіну — можа, яшчэ будуць добрыя аказіі.

У адрозненне ад Мілінкевіча Станіслаў Шушкевіч вырашыў абысціся без смокінга.

Шушкевіч: Ведаеце, смокінгу ў мяне няма, але там дапушчальны чорны строй. Я маю запрашэнне на дзяржаўнае свята, таму збіраюся паехаць.

Палітыкі адправяцца на баль прэзідэнтаў разам з жонкамі.