На Баранавіччыне свіны кумпяк заразіў батулізмам сям'ю з чатырох чалавек

Мяса хатняга кабана сям'я з вёскі Перхавіыи Баранавіцкага раёна засаліла яшчэ сёлета ў сакавіку. У кастрычніку свініну ачысцілі ад спецый і солі, абматалі тканню і павесілі сушыць на печку, а праз некалькі дзён кумпяк знялі і падзялілі на дзве часткі. Адну палову забрала з сабой старэйшая дачка-студэнтка, другую сталі есці астатнія сямейнікі. Старэйшая дачка першай і занядужала. Адчуўшы слабасць і сухасць у роце (першыя сімптомы батулізму), яна вырашыла паехаць да бацькоў. Там дзяўчыне стала зусім дрэнна: прадметы пачалі дваіцца перад вачамі, дыхаць станавілася ўсё цяжэй. Хворую забрала "хуткая", і ўжо ў лякарні ёй паставілі дыягназ "батулізм".

Калі медыкі абследавалі ўсю сям'ю, высвятлілася, што небяспечная хвароба зачапіла ўсіх, піша газета "Intex-press".

Цяпер большасць чальцоў сям'і пачуваецца здавальняюча. Маці і малодшая дачка ўжо вярнуліся дамоў, бацька рыхтуецца да выпіскі з інфекцыйнага аддзялення.

Толькі стан старэйшай дачкі лекары ацэньваюць як цяжкі. Цяпер за жыццё дзяўчыны змагаюцца дактары рэанімацыйнага аддзялення гарадской лякарні.