На беларуска-польскай мяжы зачыняць "акно", пра якое забыліся ў 1940-я

Дзяржаўная мяжа паміж Беларуссю і Польшчай будзе абазначаная на азёрах Вензавец і Шлямы. Такое рашэнне было прынятае падчас працоўнай сустрэчы экспертаў памежных ведамстваў дзвюх краінаў.
Дэмаркацыя гэтага ўчастка, якая адбывалася ў 1940-я гады, не прадугледжвала абазначэння мяжы па гэтых азёрах. У выніку, з гэтага карысталася мясцовае насельніцтва, якое парушала "рэжым дзяржмяжы". Але, як кажа ў інтэрв'ю Еўрарадыё кіраўнік прэс-службы Дзяржаўнага памежнага камітэта Аляксандр Цішчанка, гэта працягвалася нядоўга:

"У дадзеным выпадку на гэтым возеры проста пастаўлены памежны буй. Гэта патрабаванне абазначэння мяжы... Раней, у 40-я гады там насельніцтва нічога не ведала пра гэтую лінію. Але гэта было калі, у мінулым стагоддзі!".

Паводле словаў Цішчанкі, цяпер там дзяржмяжу ніхто не парушае.