На Брэстчыне шукаюць злодзея, які скраў электронныя грошы з сістэмы "Yandex Money"

Супрацоўнікі міліцыі Баранавічаў упершыню ў Брэсцкай вобласці расследуюць крымінальную справу, звязаную з крадзяжом электронных грошай з сістэмы "Yandex Money".


Справа распачатая паводле часткі 2 артыкула 212 Крымінальнага кодэксу (крадзеж шляхам выкарыстання камп'ютарнай тэхнікі). Па звестках следства, невядомы з дапамогай праграмы "Trojan Spy" даведаўся пароль доступу да электроннага "кашальку" 36-гадовага жыхара Баранавічаў і з 16 да 21 верасня перавёў адтуль усю наяўную суму грошай — 6 тысяч расійскіх рублёў. Больш за месяц пацярпелы спрабаваў самастойна разабрацца з сітуацыяй, а потым звярнуўся ў міліцыю.

Зараз аператыўнікі сумесна з аддзелам па раскрыцці злачынстваў у сферы высокіх тэхналогій УУС Брэсцкага аблвыканкаму спрабуюць адсачыць ланцужок пераводу выкрадзеных грошай. На сёння вядома, што з сістэмы вэб-плацяжоў "Yandex Money" яны былі перапраўленыя ў іншую плацежную сістэму.

Па словах адмыслоўцаў, раскрыццё такіх злачынстваў досыць складанае, бо электронныя злодзеі выкарыстаюць адмысловую тэхналогію для ўтойвання слядоў злачынства.