На чэмпіянат Еўропы па цяжкай атлетыцы прыедуць 300 спартоўцаў з 37 краін

Каля 300 спартоўцаў з 37 краін прымуць удзел у 89-м мужчынскім і 23-м жаночым чэмпіянаце Еўропы па цяжкай атлетыцы. Спаборніцтвы пройдуць у мінскім Палацы спорту з 5 па 11 красавіка. Канчатковы склад удзельнікаў будзе вядомы 4 красавіка, паведамляе БелаПАН. У гэты ж дзень адбудзецца кангрэс Еўрапейскай федэрацыі цяжкай атлетыкі.

У беларускую зборную ўвойдуць трохразовы чэмпіён Еўропы Віталь Дзербянёў і медалісты пекінскай Алімпіяды — чэмпіён Андрэй Арамнаў і бронзавы прызёр Настасся Новікава. Zк паведаміў у інтэрв'ю Еўрарадыё сам Арамнаў, атлет збіраецца ўстанавіць на чэмпіянаце тры новыя сусветныя рэкорды.

Еўрапейскае першынство стане этапам падрыхтоўкі да чэмпіянату свету. Ён адбудзецца ў Турцыі ў другой палове верасня і будзе з'яўляцца кваліфікацыйным турнірам да Алімпіяды-2012.