На Дзень Волі ў Мінску плануецца шэсце ад Акадэміі навук да парку Горкага

Дэмакратычныя сілы Беларусі пачынаюць падрыхтоўку да акцыі ў Дзень Волі, паведамляе сайт АДС. Ініцыятарам правядзення акцыі 25 сакавіка 2010 года стала Партыя БНФ.
Як распавёў старшыня Мінскай гарадской арганізацыі ПБНФ Віктар Івашкевіч, сёлета арганізатары плануюць сабраць людзей каля Акадэміі навук і прайсці шэсцем да парка імя Горкага. Там мяркуецца зладзіць мітынг-канцэрт. З увагі на тое, што 25 сакавіка — першы дзень агітацыі на выбарах у мясцовыя саветы, з удзельнікамі акцыі сустрэнуцца кандыдаты ў дэпутаты Мінгарсавета.

Апазіцыя збіраецца падаць заяўку на правядзенне акцыі 25 сакавіка, паведаміў Івашкевіч. Партыя БНФ, па яго словах, разлічвае, што ў святкаванні Дня Волі прыме ўдзел максімальная колькасць палітычных структур і розных арганізацый.