На фестываль Adnak! даслалі заяўкі больш за 100 рэкламшчыкаў

Аркамітэт Фестывалю беларускамоўнай рэкламы Adnak! працягнуў тэрміны падачы работ ад удзельнікаў да 29 чэрвеня. Як патлумачыў Еўрарадыё кіраўнік праекта Сяргей Скараход, гэта было зроблена спецыяльна і загадзя спланавана. Скараход: “Заўсёды рэкламшчыкі ўсё ў апошні момант робяць. Мы гэта ведалі і тэрміны ад пачатку выстаўлялі такія, каб іх да 23 чэрвеня паднапружыць, а потым крыху працягнуць тэрміны, каб людзі зрабілі больш якасныя працы. Каб у іх з’явілася некалькі дадатковых дзён для таго, каб узяць удзел у фестывалі”.

Па словах кіраўніка праекта, заяўкі на ўдзел ужо даслалі больш за 100 рэкламшчыкаў. Найбольшую ўвагу канкурсантаў прыцягнула такая намінацыя, як “Дызайн”. У яе трапляюць лагатыпы, паштоўкі, календары, запрашальнікі і гэтак далей. Шмат заявак на ўдзел у намінацыі “Этыкетка і ўпакоўка”. Але найбольшую цікавасць выклікала намінацыя “Пераклад рэкламнага слогана з замежнай мовы на беларускую”.

Скараход: “Больш за 30 заявак і прапановаў прыйшло на гэтую намінацыю. І ўсе яны вельмі розныя і арыгінальныя. Гэты конкурс стаўся самым цікавым. І я думаю, што калі журы ўсё паглядзіць і пасудзіць, мы адбярэм самыя выбітныя варыянты і азнаёмім з імі ўсіх цікаўных”.

Згодна з апытаннем, праведзеным незалежнымі сацыёлагамі, больш за 37% насельніцтва краіны выступаюць за тое, каб рэклама была на беларускай мове. У прапагандзе рэкламы па-беларуску і бачаць арганізатары галоўную мэту фестываля Adnak!

Скараход: “Галоўны вынік фестывалю павінен быць у тым, і мы думаем, што ён будзе дасягнуты, што мы звернем увагу як рэкламадаўцаў беларускіх вытворцаў, так і рэкламных агенцтваў на тое, што выкарыстанне беларускай мовы з’яўляецца эфектыўным інструментам для вырашэння камерцыйных задач”.

Арганізатары фестываля разлічваюць, што на апошнім этапе падачы заявак колькасць удзельнікаў дасягне 150-200 чалавек.