На фотакораў замежных агенцтваў склалі пратаколы і забралі апаратуру

Баранавіцкія міліцыянты склалі пратаколы на фотакарэспандэнтаў замежных агенцтваў Васіля Фядосенку (Reuters) і Віктара Драчова (France-press), а таксама на Арсенія Пахомава (“Наша ніва”), якія былі затрыманыя сёння раніцай каля будынка суда, дзе разглядаецца справа моладзевага актывіста Яраслава Грышчэні.
У карэспандэнтаў таксама забралі здымачную апаратуру. Пра гэта Еўрарадыё паведаміла праваабаронца Марыя Савушкіна. Нагадаем, маладзёна абвінавачваюць у дзейнасці ад імя незарэгістраванай арганізацыі.

Падтрымаць Грышчэню з’ехалася моладзь з розных гарадоў, а таксама вядомыя палітыкі. У залю прапусцілі толькі прадстаўніка амерыканскай амбасады і Аляксандра Мілінкевіча. Каля сотні чалавек засталіся каля будынка суда.

Яны разгарнулі расцяжку “Зараз не 1937-мы” і ўзнялі бел-чырвона-белыя сцягі. Міліцыянты акружылі прысутных і затрымалі 22 чалавекі. Сярод іх аказаліся і фотакарэспандэнты. Тым часам суд над Грышчэням працягваецца.

Неўзабаве будзе аб’яўлены перапынак. Дарогі да будынка суда, дзе працягваюць стаяць людзі, перакрытыя.