На кніжным кірмашы ў Мінску - французскія пісьменнікі і Патрысія Каас (фота)

У Мінску адкрылася міжнародная выстава-ярмарка "Кнігі Беларусі-2010". У буйным форуме прымаюць удзел госці з 26 краінаў – Расіі, Украіны, Малдовы, Польшчы, Ізраіля, ЗША, Швейцарыі, Сербіі ды іншых. Упершыню ганаровым госцем выставы стала Францыя. Падчас адкрыцця слова ўзяў надзвычайны і паўнамочны пасол Францыі ў Рэспубліцы Беларусь Мішэль Рэнэры:

Мішэль Рэнэры: “Я з вялікім задавальненнем прымаю ўдзел у адкрыцці 17-й мінскай міжнароднай кніжнай выставы. З кожным годам колькасць тых, хто выказвае інтарэс да літаратуры і ведаў, няўхільна расце. Мы вельмі радыя, што ўпершыню французская літаратура стане даступная шырокай публіцы не толькі на мове арыгіналу, але і на рускай і беларускай мовах”.



На працягу 5 дзён выставы будуць праходзіць сустрэчы і аўтограф-сесіі з сучаснымі французскімі пісьменнікамі. Выставу наведае спецыяліст па сучасным мастацтве Катрын Мілле, адбудуцца літаратурныя сустрэчы з моладзевай пісьменніцай Анн-Мары Поль, мастаком П’ерам Карнюэлям, які дасць майстар-клас наведвальнікам, расказала Еўрарадыё каардынатар культурных мерапрыемстваў і праектаў  пасольства Францыі ў Рэспубліцы Беларусь Інна Мацыенка.



Кульмінацыяй французскай секцыі ярмаркі стане розыгрыш двух квіткоў на канцэрт Патрысіі Каас, які адбудзецца ў Мінску 13 лютага. Розыгрыш будзе праходзіць у суботу ў 12.00.

Інна Мацыенка: “Кожны, хто набывае кніжку на нашым стэндзе можа прыняць удзел у гэтым розыгрышы-латэрэі і выйграць квіток на Патрысію Каас”

Выстава адбываецца ў Нацыянальным выставачным цэнтры "Белэкспа" па вул.Я.Купалы, 27. Уваход на ярмарку вольны з 11 па 14 лютага. Час працы выставы: 11 – 13 лютага з 11.00 да 19.00, а 14 лютага – з 10.00 да 15.00