На месцы будучай пінскай пракуратуры знайшлі скарб з польскімі грашыма

117 манет даваеннага перыяду папоўнілі калекцыю Музея беларускага Палесся ў Пінску. Перададзеныя ў музей манеты былі выяўленыя падчас будаўніцтва будынка пракуратуры ў Пінску, паведамляе БЕЛТА.
Скарб складаецца з польскіх манет 1923-1936 гадоў выпуску, у іх ліку 4 манеты наміналам 10 злотых, 16 штук па 5 злотых, астатнія па адным злотым і драбяза. Буйнейшыя наміналы 5, 10 злотых — з срэбра.

Па словах спецыялістаў, знойдзеныя манеты не з'яўляюцца вялікай рэдкасцю, польскія грашовыя знакі даваеннага перыяду ёсць практычна ва ўсіх музеях, шмат іх і ў прыватных калекцыях. У той жа час для музея знойдзены скарб мае істотнае значэнне, бо манеты вельмі добра захаваліся.