На міліцыянера напаў мужчына з сякерай, праваахоўнік параніў нападніка

У вёсцы Сафіеўка Магілёўскага раёна ўначы 3 студзеня 46-гадовы мужчына з сякерай у руках напаў на міліцыянера. Праваахоўнік прыехаў пасля таго, як спрацавала сігналізацыя ў мясцовай краме. Там былі відавочныя сляды ўзлому. У кустах каля будынка міліцыянер заўважыў невядомага мужчыну. Апошні стаў пагражаць праваахоўніку, а пасля кінуўся на яго з сякерай.

Міліцыянер некалькі разоў стрэліў з табельнай зброі ў паветра, а пасля зрабіў адзін прыцэльны стрэл. Зламыснік быў паранены ў калена. Яго шпіталізавалі і затрымалі, распачатая крымінальная справа па артыкуле "Гвалт ці пагроза ўжыцця гвалту ў адносінах супрацоўніка органаў унутраных спраў". Праводзяцца следчыя дзеянні.

Як адзначае прэс-служба міліцыі Магілёўскай вобласці, затрыманы — жыхар Бялыніцкага раёна, ён нідзе не працаваў, раней неаднаразова трапляў за краты. Яму пагражае да шасці гадоў пазбаўлення волі.

Фота: Delfi