На Мінскім форуме кіраўнік Адміністрацыі паабяцаў змены на рынку СМІ (фота)

У сталіцы Беларусі адкрыўся XI Мінскі форум — міжнародная беларуска-нямецкая імпрэза. Упершыню з 1997 года, калі ўзнікла гэтае мерапрыемства, на яго адкрыцці прысутнічаў такі высокапастаўлены чыноўнік, як кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта. Для Ўладзіміра Макея, які дагэтуль быў ценявой фігурай, гэта таксама быў першы выхад у свет.  На адкрыцці гучалі стандартныя прамовы з абодвух бакоў, выказваліся надзеі на паглыбленне супрацоўніцтва. Кіраўнік Адміністрацыі слухаў прамовы без перакладчыка, адказ прамаўляў па-руску і па-нямецку.  

Пасля заканчэння афіцыйнай часткі немцы раптоўна прапанавалі задаць Уладзіміру Макею некалькі пытанняў, што не было пардугледжана праграмай. Першы амбасадар Беларусі ў Нямеччыне Пятро Садоўскі пацікавіўся ў чыноўніка, калі ў шапіках "Белсаюздруку" з'явіцца недзяржаўная газета "Народная Воля". Макей адказаў па-беларуску, што афіцыйны бок будзе вырашаць гэтае пытанне.

Пра моладзь, асуджаную за вулічную акцыю прадпрымальнікаў, нечакана распавяла дзяўчына Паліна. Пасля яе змаглі задаць свае пытанні прадпрымальнікі Сяргей Парсюкевіч і Анатоль Шумчанка. Адказы на пытанні Уладзімір Макей скончыў жартам: "Хто яшчэ хоча, каб я што-небудзь паабяцаў?"

Праца форуму працягнецца яшчэ да 16 лістапада. У суботу і нядзелю адбудуцца паседжанні працоўных груп. У іх эксперты будуць абмяркоўваць узаемаадносіны Беларусі, Еўропы і Расіі, наступствы крызісу, магчымасці інвестыцый. Падрабязней аб працы форуму слухайце на Еўрарадыё ў панядзелак 17 лістапада.

















Фота Андрэя Лянкевіча