На пачатку ліпеня Аўтуховічу могуць павялічыць тэрмін утрымання за кратамі?

Прадпрымальнік Мікалай Аўтуховіч лічыцца падазраваным ў яшчэ адной крымінальнай справе — аб незаконных дзеяннях са зброяй. Як паведаміў адвакат прадпрымальніка Павел Сапелка, цяпер тэрмін яго ўтрымання пад вартай можа змяніцца. Павел Сапелка: “Пытанне аб працягу тэрміна заключэння пад вартай будзе вырашацца ў бліжэйшы час. Таму што набліжаецца 3 ліпеня — тэрмін, да якога ён зараз утрымліваецца”.

Нагадаем, што пра турэмную галадоўку Аўтуховіча на паседжанні Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы гаварыў Анатоль Лябедзька. На пытанне Еўрарадыё, ці ведае Аўтуховіч пра гэты розгалас, адвакат паведаміў, што стараецца даводзіць яму ўсе апошнія навіны.

Прадпрымальнік галадае ўжо 71 дзень. Адвакат кажа, што стан яго здароўя застаецца стабільным. Па яго словах, Аўтуховіч стараецца максімальна абмяжоўваць рух і практычна ўвесь час ляжыць.