На пажары ў свінакомплексе пад Нясвіжам загінула 70 парасят (фота)

Пажар на свінакомплексе агракамбіната “Сноў” у Нясвіжскім раёне здарыўся раніцай 21 чэрвеня. У 6.27 вартаўнік свінакомплекса, размешчанага ў вёсцы Грускава, патэлефанаваў у МНС і паведаміў пра задымленне ў цэху па вырошчванні парасят.

Праз чатыры хвіліны на месцы выкліку прыбыло першае падраздзяленне выратавальнікаў. Гарэў цэх вырошчвання парасят, падзелены на два адсекі. У кожным было па 350 парасят ва ўзросце каля месяца. Усяго ў момант узгарання ўнутры будынка знаходзілася 700 жывёл.

Пажарныя сумесна з работнікамі камбіната эвакуявалі 630 парасят, але 70 жывёл загінулі. Пажар быў лакалізаваны меней чым за 15 хвілінаў.

Агонь пашкодзіў пластыкавую падлогу. Меркаваная прычыны ўзгарання — кароткае замыканне электраправодкі вентылятара, паведамляе прэс-служба МНС.