На шклозаводзе "Нёман" зробяць кубкі ў стылі XVII стагоддзя для Мірскага замка

Майстры і мастакі шклозаводу "Нёман" паспрабуюць узнавіць кубкі і куфлі XVII — пачатку XVIII стагоддзя. Гэты посуд будзе выкарыстаны для афармлення Мірскага замка ў стылі эпохі Радзівілаў.  Па словах намесніка дырэктара Васіля Самахвалава, работнікам заводу давядзецца ўзнаўляць папулярнае ў той час венецыянскае шкло, вельмі незвычайнае па сваім складзе. Для гэтага давядзецца заварваць адмысловую маленькую пячурку для варэння шкла, каб узнавіць вырабы той эпохі.

Аднак досвед падобнай рэстаўрацыйнай працы завод ужо мае. Некалькі гадоў таму беларускія майстры рэстаўравалі жырандолі аднаго з палацаў Латвіі, якія былі цалкам згубленыя. Для гэтага адмыслова варыўся крышталь.

БЕЛТА