На школьніка, які "замініраваў" сталічную гімназію, пачалі крымінальную справу
Справу за заведама ілжывае паведамленне пачаў Першамайскі раённы аддзел Следчага камітэта.
Пра гэта паведамляе БелаПАН са спасылкай на мінскую міліцыю. Нагадаем, прыкладна апоўдні 29 красавіка ў міліцыю паступіла паведамленне, што ў гімназіі на вуліцы Куйбышава закладзеная бомба. На месца прыбылі супрацоўнікі міліцыі і група размініравання. Праваахоўнікі эвакуявалі навучэнцаў і педагогаў, а потым абследавалі будынак.
Выбуховага прыстасавання не знайшлі. Як выявілася, тэлефанаваў у міліцыю 15-гадовы школьнік. Сам ён вучыцца ў іншай навучальнай установе. Падлетак прызнаўся, што затэлефанаваў проста з класа, нумар школы назваў наўгад, хацеў пажартаваць.
Фота — tvoya-gazeta.com