На суботнік варта ісці з парасонам, у гумовых ботах і двух цёплых швэдрах

Надвор’е можа сарваць рэспубліканскі суботнік, прызначаны на 24 красавіка. Як паведаміла ў гутарцы з Еўрарадыё галоўны сіноптык Белгідраметэацэнтра Вольга Фядотава, усім аматарам суботнікаў варта апрануцца цяплей ды захапіць з сабой парасоны. Вольга Фядотава: “У суботу 24 красавіка надвор’е няўстойлівае ды халоднае. Акрамя таго, удзень шмат у якіх раёнах пойдуць кароткачасовыя дажджы, а ўначы па поўначы - з мокрым снегам. Тэмпература пад раніцу -2...+5, а ўдзень - толькі +5...+12 градусаў. І толькі на Гомельшчыне чакаецца да 12 градусаў цяпла. Прамежкі, вядома ж, будуць паміж дажджамі, але прахалодна”.

У нядзелю надвор’е, дарэчы, палепшыцца. Чакаецца пераменная воблачнасць, без ападкаў. І толькі па паўночным усходзе краіны магчымыя мокры снег і дождж. Ночы халодныя -5...+2. Удзень паветра прагрэецца да +8...+15, а на Берасцейшчыне да 17 градусаў цяпла.