На Светлагоршчыне пацыентаў ЛТП прымушалі працаваць на сельскага ідэолага

Службовая падробка і крадзеж, учынены групай асоб, — такія абвінавачанні вылучаныя намесніку дырэктара па ідэалагічнай рабоце сельскагаспадарчага прадпрыемства "Парыцкае" і майстру-будаўніку гэтай жа гаспадаркі. Крымінальную справу разглядае суд Светлагорскага раёна. Як заявіла мясцовая пракуратура, у раёне ёсць некалькі гаспадарак, якія выкарыстоўваюць працу людзей, змешчаных у прафілакторыі. ЛТП прапануе свой кантынгент, а прадпрыемствы арганізоўваюць і аплочваюць працу. Такая практыка даўно існуе і ў "Парыцкім".

Як піша "Комсомольская правда в Беларуси", брыгада ізаляваных ад грамадства алкаголікаў трапляла ў распараджэнне прараба гаспадаркі. П'яніцы павінны былі рамантаваць фермы і кароўнікі, працаваць на дапаможных працах. Прараб і яго начальніца вырашылі за кошт грошай роднай гаспадаркі адрамантаваць і свае хаты.

Майстра, які цяпер апынуўся пад судом, ніхто не кантраляваў, ён распараджаўся працоўным часам пацыентаў ЛТП, запаўняючы іх табелі. Адзначаў ім поўны працоўны дзень. І п'яніцы сапраўды працавалі, толькі не на ферме, а дома ў прараба: рабілі рамонт дамоў, рамантавалі машыну і нават кармілі свінняў. Пры гэтым майстар нічога не плаціў такім работнікам — зарплату налічвала гаспадарку.

Пасля прараб стаў вазіць бясплатную рабсілу да сваіх бацькоў, сяброў, а самага прафесійнага і дасведчанага будаўніка завозіў да начальніцы — намесніка дырэктара гаспадаркі па ідэалагічнай рабоце. У яе гэты працаўнік выраўноўваў сцены, клаў плітку.

Па справе праходзяць шэсць зняволеных 30-40 гадоў, усе з розных гарадоў Гомельскай і Віцебскай абласцей. Яны не лічацца пацярпелымі. Паводле закону яны павінны былі прыцягвацца да працы. Зарплата ім па табелях прараба налічалася. Да таго ж алкаголікі маглі паесці хатняй ежы, пачаставацца цыгарэтамі. Яны не былі пакрыўджаныя, на гэта і рабілася стаўка — ім добра, таму распавядаць нічога не будуць. Так працягвалася тры месяцы, пакуль пра гэта не даведаліся супрацоўнікі аператыўнага аддзела самога ЛТП. Яны падзяліліся гэтай інфармацыяй з АБЭЗ, і там пачалі праверку.

Выявілася, што для рамонту ў сябе дома прараб і намдырэктара выкарысталі не толькі рабсілу, але і матэрыялы свайго прадпрыемства. Выявіўся недахоп пліткі, клею, цэменту і фарбы ўсяго на суму больш 3 мільёнаў рублёў.