На вуліцы Голубева гарэў аўтамабіль, які сутыкнуўся з “хуткай” (фота)

Другая за пяць дзён аварыя з удзелам машыны хуткай дапамогі адбылася ў Мінску. Учора каля 23 гадзін на вуліцы Голубева сутыкнуліся “хуткая” і іншамарка. Машына хуткай дапамогі перавярнулася на бок, а BMW загарэўся. Як паведамілі "Еўрарадыё" ў сталічным ДАІ, на аўтамабілі BMW ехаў 27-гадовы хлопец, які мае судзімасць, але не мае правоў кіроўцы (ён шэсць разоў безпаспяхова здаваў іспыты). Машыну ён атрымаў ад знаёмага для рамонту.

Аднак позна ўвечары хлопцу патэлефанаваў яго знаёмы расіянін, які папрасіўся пераначаваць. Мінчук паехаў за ім і яго дзяўчынай на чужым аўтамабілі. Калі яны вярталіся, паводле сведчанняў сведкаў, ехалі на хуткасці каля 170 кіламетраў за гадзіну.

На вуліцы Голубева, прыблізна ў 100-150 метрах ад праспекта газеты Звязда, BMW урэзаўся ззаду ў машыну хуткай дапамогі, якая рухалася ў тым жа кірунку. У выніку, "хуткую" выкінула на сустрэчную паласу і яна ўпала на правы бок, а іншамарка з'ехала ўправа, прабіла агароджу і загарэлася.

Яшчэ перад сутыкненнем іншамарку пачаў пераследаваць аўтамабіль ДАІ, таму яе супрацоўнікі бачылі аварыю на ўласныя вочы.

У ДАІ сувярджаюць, што ў выніку аварыі пацярпелі: дзяўчына з BMW, кіроўца машыны хуткай дапамогі, лекар і фельчар (яна найбольш - закрыты пералом правай ключыцы). Кіроўца іншамаркі не пацярпеў. Высветлілася, што ён быў у нецвярозым стане.

Нагадаем, у нядзелю на перакрыжаванні сталічных вуліц Сурганава і Якуба Коласа сутыкнуліся “хуткая” і іншамарка. У выніку машына хуткай дапамогі таксама ўпала на бок.



Фота - http://ak-bara.livejournal.com