На выходныя па поўдні Беларусі чакаюцца дажджы і плюсавая тэмпература

Пасля халадоў у Беларусь прыходзяць паветраныя масы з Чорнага мора. Пра гэта Еўрарадыё паведаміла галоўны сіноптык Белгідраметэацэнтра Вольга Фядотава. У бліжэйшыя выходныя чакаецца пацяпленне: Фядотава: Час ад часу будзе ісці снег, мокры снег са слабой завеяй. У паўднёвых раёнах у суботу ёсць верагоднасць дажджу. Чакаюцца галалёдныя з'явы, таму на дарогах трэба быць уважлівымі.

Пры гэтым тэмпература паветра ўначы будзе ад 0 да -10 градусаў, а ўдзень - ад 0 да -7. У некаторых раёнах Гомельшчыны і Брэстчыны слупок тэрмометра падымецца нават да +2.

На пачатку наступнага тыдня зноў чакаецца пахаладанне. Хаця вельмі нізкіх тэмператараў не будзе, але ў ноч на аўторак сіноптыкі прагназуюць -7...-14, пры праясненнях да -18.

Паводле разлікаў Белгідраметэацэнтра, вясна ранняй не будзе: плюсавая сярэднесутачная тэмпература прыйдзе толькі ў сярэдзіне сакавіка.