Нацбанк Беларусі ўключыць японскую іену ў склад золатавалютных рэзерваў

Нацыянальны банк Рэспублікі Беларусь можа ўключыць японскую іену ў склад золатавалютных рэзерваў. Пра гэта заявіў на прэс-канферэнцыі ў Менску старшыня праўлення Нацбанку Пётр Пракаповіч. "Выкарыстанне японскай іены ў складзе рэзерваў цалкам рэальна, яна і зараз выкарыстоўваецца, але ў нязначных памерах", — сказаў П.Пракаповіч.

"Калі атрымаем першы крэдыт у японскіх іенах, думаю, што гэта адбудзецца да канца года, мы ўключым яе ў склад рэзерваў", — адзначыў кіраўнік Нацбанку. Па яго словах, у валютных рэзервах у цяперашні час "пакуль дамінуе долар ЗША".

Ён таксама паведаміў, што па стане на 30 кастрычніка 2007 года золатавалютныя рэзервы Беларусі ў нацыянальным вызначэнні склалі $3,051 млрд, павялічыўшыся ад пачатку года на 74%. Як паведамлялася раней, у склад золатавалютных рэзерваў Нацбанку Беларусі нароўні з доларам ЗША і еўра ўключаныя актывы ў расійскіх рублях і кітайскіх юанях. 

Інтэрфакс