"Начным ваўкам" далі зямлю ў Севастопалі са зніжкай 99,9%

Скандальна вядомы расійскі мотаклуб "Начныя ваўкі" атрымаў у арэнду каля 266 га зямлі ў Севастопалі. Там плануецца пабудаваць "спартыўна-патрыятычны цэнтр экстрэмальных відаў спорту". Плата за карыстанне участкам усталёўваецца ў памеры 0,1% ад яго кошту, праведамляе РБК. Участак здаецца ў арэнду на 10 гадоў.

У дакуменце, якім "Начным ваўкам" вылучаюць зямлю, гаворыцца, што спартыўны цэнтр з'яўляецца сацыяльна значным праектам для развіцця Севастопаля, а дзейнасць арганізацыі накіраваная на папулярызацыю здаровага ладу жыцця, паляпшэнне маральна-псіхалагічнага здароўя грамадзян, іх ваенна-патрыятычнае выхаванне.

Нагадаем, што "Начныя ваўкі" атрымалі шырокую вядомасць падтрымкай Уладзіміра Пуціна. Лідар байкераў Аляксандр Залдастанаў ("Хірург") мае блізкія адносіны з кіраўніком Расіі. Апошнім часам скандальную вядомасць клубу прынёс "Мотапрабег Перамогі", які не захацелі прымаць у сябе еўрапейскія краіны.

На пачатку траўня Фонд барацьбы з карупцыяй Аляксея Навальнага апублікаваў даклад, згодна з якім мотаклуб і заснавальнікі арганізацыі з сярэдзіны 2013 года атрымалі 41 млн расійскіх рублёў у якасці прэзідэнцкіх грантаў. Акрамя таго, былі і іншыя гранты. Залдастанаў пацвердзіў звесткі Навальнага, але дадаў, што першыя 25 гадоў свайго існавання клуб не меў ніякай падтрымкі.