Намесніка кіраўніка Камянецкага раёна затрымалі за п'янства за рулём

Чыноўнік сцвярджаў, што дазволіў сабе “выпіць піва”, а пасля гэтага быў вымушаны сесці за руль і выехаць у гаспадаркі, дзе ідзе ўборка збожжавых.

Як піша газета "Вечерний Брест", аб здарэнні стала вядома старшыні Брэсцкага аблвыканкама. На пасяджэнні ў панядзелак 22 ліпеня кіраўнік Брэстчыны Канстанцін Сумар запатрабаваў неадкладна вызваліць мужчыну ад займаемай пасады. Іван Сямейка ўзначальваў ўпраўленне сельскай гаспадаркі і харчавання Камянеччыны.

Нагадаем, што Аляксандр Лукашэнка падпісаў закон пра канфіскацыю аўтамабіляў у п'яных кіроўцаў. Так, нецвярозаму кіроўцу, які збіў насмерць чалавека або прычыніў яму цяжкое цялеснае пашкоджанне, пагражае пазбаўленне волі да сямі гадоў. За кіраванне транспартам у нецвярозым стане прадугледжваюцца штрафы і пазбаўленне права займаць пэўныя пасады ці займацца пэўнай дзейнасцю. Акрамя таго, у п'яных кіроўцаў, якія збілі чалавека, будуць канфіскоўваць транспарт.