Навіны на Яндэксе таксама будуць беларускамоўнымі (фота)

Як паведамляла Еўрарадыё, 14 красавіка Яндэкс запусціў партал для Беларусі – yandex.by. Новы беларускі пашуковік будзе даваць адказы спецыяльна для беларусаў.
Ужо сёння галоўную старонку і старонку пошуку можна праглядаць па-беларуску. Пра новы партал для Беларусі падчас прэс-канферэнцыі расказаў генеральны дырэктар кампаніі "Яндэкс" Аркадзь Волаж:

"Сайт на дзвюх мовах – і па-беларуску, і па-руску. На сайце ёсць шмат сэрвісаў – падрабязная мапа Мінску, асобны беларускі выпуск навінаў, на Яндэкс-маркеце пачалі з'яўляцца беларускія крамы, тут ёсць расклад мясцовых цягнікоў, самалётаў. З'явілася афіша па гарадах Беларусі, беларуская тэлепраграма. І нават надвор'е ў нас беларускае, і яно, вядома, добрае".



Пакуль на Яндэкс-навінах знаходзяцца толькі рускамоўныя сайты навінаў, але ў хуткім часе абавязкова далучаць і беларускамоўныя, паведаміў дырэктар па тэхналогіях Яндэкс Ілля Сагаловіч:

"Мы пераводзім сервісы на беларускую мову – так, ужо перавялі пошук. Беларускамоўныя навіны абавязкова будуць таксама. Будуць яшчэ прыемныя "фенечкі" ў гэтым месцы, але пакуль не хачу выдаваць сакрэтаў".



Сам пошук таксама можна рабіць па-беларуску. Але яго пакуль мала:

"Мы падлічвалі гэтыя лічбы – мала, але ёсць, дастаткова для таго, каб з іх атрымоўваць метрыкі якасці. Гэта не адзінкавыя запыты ў дзень, іх больш".

У будучыні магчымы запуск яшчэ аднаго сэрвісу ў Беларусі – гэта Яндэкс-грошы.