Навучэнцы магілёўскай гімназіі ўжо тыдзень харчуюцца ў суседняй школе

Ужо тыдзень харчуюцца ў сталоўцы суседняй школы навучэнцы магілёўскай гімназіі №3.  1 верасня адразу пасля ўрачыстай лінейкі ў будынку гімназіі правалілася падлога. Таксама з’явілася вялікая расколіна ў памяшканнях спартыўнай і актавай залаў ды ў сталоўцы.  Па словах дырэктара гімназіі Ігара Якіменкі, вялікі розгалас у СМІ павялічвае праблему і перашкаджае працаваць адміністрацыі школы.

Якіменка: “Нічога надзвычайнага не здарылася. З невялікімі зменамі мы працуем у звычайным рэжыме. Быў праведзены бацькоўскі сход, на якім сітуацыя была даведзеная да бацькоў. А вось я асабіста ўжо чацвёрты дзень даю каментары СМІ. Гэта моцна перашкаджае працаваць! Усю краіну цікавяць расколіны ў сценах нашай гімназіі!”

Цяпер усе ўрокі і перапынкі ў гімназіі скарочаныя на 5 хвілінаў, а вучні вучацца ў дзве змены. Доступ у памяшканні актавай залы, спартзалы, а таксама сталоўку гімназіі перакрыты, на кожным паверсе дзяжураць вахцёры.