Навумаў: У Мінску Хэнлан зарабляў больш, чым за ўсю сваю трэнерскую кар’еру

Ганарар былога трэнера мінскага “Дынама” Глена Хэнлана быў большы, чым калі-небудзь у трэнерскай кар’еры канадскага спецыяліста.
Пра гэта ў інтэрв’ю газеце “Прэсбол” паведаміў кіраўнік Федэрацыі хакея Ўладзімір Навумаў. На пытанне, колькі зарабляў Хэнлан у “Дынама”, Навумаў адказаў:

“Дакладна ў Мінску ён зарабляў столькі, колькі ні разу дагэтуль у сваёй трэнерскай кар’еры. І што ў выніку? Дзе наша моладзь? Мы ж страчваем Развадоўскага, Корабава, Дзямкова. Крыкам крычаў, просячы звярнуць увагу на Шынкевіча, асабліва ў сітуацыі дэфіцыту абаронцаў у зборнай — нуль рэакцыі. Ну не трэба ім даваць па перыядзе, як дарослым, але хвіліну-дзве ў матчы, як гэта робяць у расійскіх клубах, нават у вядучых, што замінала? У выніку стала відавочна, што мы будуем зусім не тое, што планавалася і абмяркоўвалася першапачаткова, а ганяемся за Палфі і Нюландэрам. І згубілася гэта стратэгія не сёння. Знакамітыя хэнланаўскія лозунгі, якія раней заводзілі зборную, цяпер друкаваліся на канцылярскім лісце і вешаліся ў туалеце, дзе чалавеку нядрэнна б ад іх адпачыць. І шырока разрэкламаваныя штрафы за непавагу да клубнай майкі былі забытыя праз два тыдні разам з паперкай, якая пагражае санкцыямі за гэта”.


Нагадаем, да мінскага “Дынама” і зборнай Беларусі Глен Хэнлан трэніраваў энхаэлаўскі клуб “Вашынгтон Кэпіталз” і фінскую каманду “Ёкерыт”.