Найлепшых спартоўцаў года абяруць на конкурсе "Трыумф. Героям спорту 2008"

Найлепшыя беларускія спартоўцы года будуць названыя ў рамках конкурсу "Трыумф. Героям спорту 2008".  Мяркуецца, што гэтая ўзнагарода стане своеасаблівым "спартовым "Оскарам" у Беларусі. Лепшых спартоўцаў года беларусы змогуць абраць на адкрытым публічным конкурсе. Для гэтага трэба з 1 па 31 снежня ўзяць анкету на афіцыйных сайтах арганізатараў: Белтэлерадыёкампаніі, Прэзідэнцкага спартовага клуба, Міністэрства спорту і турызму, Нацыянальнага алімпійскага камітэта. Запоўненыя анкеты можна накіраваць поштай або факсам ва ўпраўленне па фізічнай культуры, спорту і турызму свайго аблвыканкама (мінчукам — у Мінгарвыканкам).

Удзельнікамі конкурсу з'яўляюцца ўсе прафесійныя беларускія спартоўцы, якія выступалі ў 2008 годзе на буйных міжнародных спаборніцтвах.

Аргкамітэт падвядзе канчатковыя вынікі конкурсу ў студзені 2009 года па наступных намінацыях: "Каманда года", "Спартовец года", "Спартоўка года", "Трэнер года", "За волю да перамогі", "Прарыў года", "Вынік года" і "Самы яркі спартовы момант года". У кожнай з якіх будзе вызначаны адзін пераможца.

Фіналам стане цырымонія ўрачыстага ўзнагароджання лаўрэатаў і гала-канцэрт з удзелам артыстаў беларускай эстрады 17 студзеня.

БелаПАН