Новая дысцыпліна “вывучэнне малой радзімы” ўводзіцца ў школах Віцебшчыны

У хуткім часе ўсе школы Віцебска павінны ўвесці ў расклад новую дысцыпліну – вывучэнне малой радзімы. Называцца яна будзе ў залежнасці ад раёна, дзе знаходзіцца школа.
Сем раёнаў ўжо маюць такія спецкурсы, у прыватнасці, у Оршы вывучаюць “Оршазнаўства”, у Чашніках – “Чашніказнаўства”.

Гісторыю, асаблівасці ды сучаснасць сваёй малой радзімы вывучаюць таксама школьнікі з Вушаччыны, Верхнядзьвіншчыны, Сенненшчыны ды юныя палачане. Ідэя гэтая, дарэчы, з’явілася колькі год таму як ініцыятыва саміх правінцыйных настаўнікаў. Так, адным з першых падручнік па “малой радзіме” з’явіўся у Воршы. Яго напісаў настаўнік Віктар Жукоўскі. Акрамя “Оршазнаўства”, спадар Жукоўскі падрыхтаваў для школьнікаў адмысловы дапаможнік па геаграфіі, ў якім падрабязна разглядаюцца наяўнасць карысных выкапняў, жывёльны і раслінны свет ды іншыя аспекты геаграфічных даследаванняў Аршаншчыны.

Зборнік нарысаў па гісторыі і краязнаўству Чашніччыны напісаў вясковы настаўнік Віктар Грыбко. Апошнім часам мясцовымі ініцыятывамі зацікавіліся ў абласным упраўленні адукацыі.

Так, падручнік для 9-класнікаў школ Віцебскага раёна рыхтаваўся ўжо цэнтралізавана, аўтарскім калектывам з педагогаў, краязнаўцаў, музейных работнікаў. Упраўленне адукацыі мае намер у хуткім часе ўвесці спецкурсы па вывучэнню малой радзімы ва ўсіх раёнах вобласці.