Нявыглас больш не будзе кіраваць Федэрацыяй футбола з-за санкцый Еўрасаюза

На сённяшняй прэс-канферэнцыі Генадзь Нявыглас заявіў, што не будзе ўдзельнічаць у выбарах на пост старшыні Беларускай федэрацыі футбола.

"На жаль, я патрапіў у спіс невыязных. Гэта моцна замінае мне працаваць. У мяне ёсць таксама асабістыя матывы, якія не дазволяць мне цалкам прысвяціць сябе футбольнай дзейнасці. Апроч гэтага, не жадаў бы стварыць канфлікт на перадвыбарным этапе, што магло б сапсаваць імідж Федэрацыі", - заявіў Нявыглас.

Не выключана, што Генадзь Нявыглас стане ганаровым старшынёй АБФФ. Адзначым, што ён кіраваў федэрацыяй з 2003 года.

Такім чынам, адзіным кандыдатам на пост старшыні АБФФ з'яўляецца Сяргей Румас. Пры гэтым яму трэба будзе падаць заяву ў другі раз, бо заканадаўства Федэрацыі пакуль не прыведзена ў адпаведнасць з патрабаваннямі ФІФА. Выбарчая канферэнцыя АБФФ адбудзецца 22 красавіка, паведамляе SPORT.TUT.BY

Фота: champ.by