Нязгодныя з кіраўніцтвам партыі камуністы правялі сваю нараду ў Мачулішчах

29 жніўня пад Мінскам, у гарадскім пасёлку Мачулішчы, адбылася нарада прадстаўнікоў арганізацый ПКБ. На ёй прысутнічалі дэлегаты XIV пазачарговага з'езду партыі, не згодныя з поглядамі кіраўніцтва ПКБ па пытаннях партыйнага будаўніцтва. Як паведамляе "Беларускі партызан", прысутнічалі прадстаўнікі ад усіх абласцей краіны і з Мінску, за выключэннем Гомельскай вобласці. Узначаліў "камуністычных раскольнікаў" чалец ЦК ПКБ, сакратар Мінскага гаркама партыі Алег Шапавалаў.

Удзельнікі сходу лічаць, што кіраўніцтва ПКБ зводзіць партыю з марксісцка-ленінскіх пазіцый. Камуністы канстатавалі, што аналіз вынікаў галасавання на XIV з'ездзе партыі дае сур'ёзныя падставы, каб прызнаць легітымнымі рашэнні з'езду, што адносяцца да перайменавання партыі, бо выказаныя ў лічбах, яны супярэчаць Статуту ПКБ.

На нарадзе вырашана спыніць распаўсюд друкаванага органа ЦК ПКБ — газеты "Товарищ", бо гэтае выданне, маўляў, набыло ярка выяўлены буржуазны характар і не можа больш лічыцца органам камуністычнай партыі.