Пачаўся прыём калектыўных заявак на Матч зорак КХЛ у Мінску

Хакейны клуб "Дынама" (Мінск) сумесна з Федэрацыяй хакею Рэспублікі Беларусь пачалі прыём калектыўных заявак на Матч зорак Кантынентальнай хакейнай лігі. Ён адбудзецца 30 студзеня 2010 года на 15-тысячнай "Мінск-Арэне", адзначае БЕЛТА. Арыентоўны кошт квіткоў складзе ад 10 да 23 еўра. Акрамя таго, можна замовіць VIP-ложу на 10 месцаў. Яе прыблізны кошт — 1700 еўра. На калектыўныя заяўкі плануецца зніжка: ад 20 да 100 месцаў — 10%, ад 101 да 200 месцаў — 15 %, звыш 200 месцаў — 20%.

Продаж квіткоў, як мяркуецца, пачнецца ў студзені. Яны будуць рэалізоўвацца не толькі ў Мінску, але і ў гарадах, дзе базуюцца клубы КХЛ, а таксама ў краінах, адкуль родам легіянеры, якія выступаюць у лізе, — Фінляндыі, Швецыі, Чэхіі, Славакіі. Чакаецца прыбыццё вялікага ліку фанатаў з Расіі і Латвіі.

Матч зорак КХЛ у Мінску будзе ўжо другім па ліку. Першы адбыўся 10 студзеня гэтага года на Чырвонай плошчы ў Маскве.