Пад Дзяржынскам знайшлі падпольны склад з гарэлкай і півам

У вёсцы Станькава Дзяржынскага раёна падаткавікі і міліцыянты выявілі вялікую партыю алкаголю. На падпольным складзе было каля 20 тысяч скрыняў спіртных напояў Гомельскага лікёра-гарэлачнага завода. Як кажуць падаткавікі, існавала схема прадпрымальнікаў па пастаўцы нелегальнага алкаголю. Прадукцыю набывалі ў буйных вытворцаў з адтэрміноўкай плацяжу. Пасля за яе не разлічваліся. Зламыснікаў даўно арыштавалі і пачалі на іх крымінальную справу, а алкаголь заставаўся ляжаць.

Цяпер праваахоўнікі вывозяць алкаголь з падпольнага складу. Пра гэта Еўрарадыё распавёў намеснік начальніка падатковай Ленінскага раёна Валерый Тарасенкаў.

Тарасенкаў: "Там і гарэлка, і слабаалкагольныя напоі, і піва. Гомельскія вытворцы адмовіліся ад гэтай прадукцыі. Два дні мы згубілі, каб знайсці машыну, выгрузіць гэта ўсё. Сёння вывозіцца апошняя частка прадукцыі".